У двары дома на вуліцы Васілька, 5, які будуюць на месцы разабранага будынка канца XIX стагоддзя, з’явіцца ландшафтны парк для жыхароў. Праект дабраўпарадкавання распрацавала мінская кампанія «Фітонія Арт», натхніўшыся архіўнымі фатаграфіямі Гродна рубяжа XIX–XX стагоддзяў.

Паводле інфармацыі спецыялістаў, якія займаюцца дабраўпарадкаваннем тэрыторыі, праект будзе спалучаць элементы класічнага еўрапейскага партэрнага саду і сучасныя натуралістычныя кветнікі. Пры распрацоўцы праекта ландшафтныя дызайнеры абапіраліся на архіўныя фатаграфіі і матэрыялы пра забудову Гродна рубяжа XIX–XX стагоддзяў, вывучаючы стылістыку гарадскіх вуліц і сядзіб таго часу. Пра тое, як будзе выглядаць міні-сад, дызайнеры распавялі ў сваім акаўнце ў Instagram.

У двары з’явяцца зоны адпачынку і прыватныя сады

Двор аформяць у стылі класічных еўрапейскіх садоў. Усе прагулачныя дарожкі будуць чотка прывязаны да элементаў будынка — яго выступаў, порцікаў і эркераў. Яны будуць як бы працягам архітэктурных элементаў.

У жыльцоў дома на Васілька будзе ўласны закрыты парк з міні-садамі і зонай барбекю
Візуалізацыя саду на Васілька, 5. Фота: instagram.com/fitonia.by

Галоўным кампазіцыйным цэнтрам двара стане старая ліпа, якая і зараз расце каля дома. Да дрэва будуць сыходзіцца асноўныя прагулачныя маршруты. У дапаўненне да яе на тэрыторыі высадзілі маладыя клёны, а таксама алеі з дэкаратыўнай яблыні сорту «Эверэст».

Лугавое разнатраўе і зоны адпачынку

Для будучых жыхароў у двары прадугледжаны:

  • пешаходныя маршруты і зоны для адасобленага адпачынку;
  • зона для вогнішча з абсталяваным месцам для грылю і барбекю;
  • кампактная дзіцячая пляцоўка з шматфункцыянальнай перголай і гульнявымі элементамі ў выглядзе фігурак авечак.

Для ўладальнікаў кватэр на першых паверхах, а таксама для жыхароў асобнага корпуса на тэрыторыі комплексу запроектаваны прыватныя зялёныя дворыкі з прамым выхадам з пакояў праз панарамныя вокны. Гэтыя зоны аформяць як рэгулярныя міні-сады з лугавым разнатраўем і месцамі для вулічнай мэблі.

У яры створаць прыродную экасістэму

Асобную ўвагу аўтары праекта надалі яру, размешчанаму побач з жылым комплексам. Тут плануць стварыць трохузроўневую прастору, дзе ступень умяшання чалавека будзе змяншацца па меры аддалення ад дома.

Першая зона будзе аформлена традыцыйнымі садовымі шматгадовымі раслінамі і дэкаратыўнымі элементамі. Далей размесцяць участак са злакамі і травамі. Самую аддаленую і вільготную частку яра захаваюць максімальна блізкай да прыроднага стану. Яна будзе складацца з некалькіх лакальных біятопаў з характэрнай для гэтай мясцовасці расліннасцю і існуючымі вербамі.

У жыльцоў дома на Васілька будзе ўласны закрыты парк з міні-садамі і зонай барбекю
Візуалізацыя саду на Васілька, 5. Яр. Фота: instagram.com/fitonia.by

Што вядома пра рэканструкцыю дома на Васілька, 5

Будынак былога дзіцячага сада не меў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіўся на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна. Больш за сто гадоў таму ён належаў мяшчаніну Парфёненку і згадваўся ўжо ў 1907 годзе.

Згодна з апісаннем забудовы Гродна 1924 года, уладанне пад нумарам №5 уключала цагляны будынак дома і аднапавярховае цаглянае гаспадарчае памяшканне.

У жыльцоў дома на Васілька будзе ўласны закрыты парк з міні-садамі і зонай барбекю
На Васілька, 5 узводзяць дом з газасілікатных блокаў. Фота: domovita.by, Threads

Вясной 2025 года на грамадскія абмеркаванні вынеслі праект рэканструкцыі будынка. Ужо тады было вядома, што былы дзіцячы сад перабудуюць пад жылы дом на шэсць кватэр са спартыўнай залай у падвале.

Здание на ул. Василька, 5
Так выглядаў будынак на вул. Васілька, 5. Фота: Hrodna.life

У чэрвені 2025 года дом на Васілька разабралі на цэглу, хоць праектам прадугледжвалася захаванне гістарычнага аблічча пабудовы. А зараз яго перарабляюць з газасілікатных блокаў, «родную» цэглу плануецца выкарыстаць для абліцоўвання будучага будынка.