У Гродне з’явіўся сайт «Биографический архив православного духовенства и церковнослужителей Гродненской епархии».. Праект стварыў протаіерэй Уладзімір Пятручык — клірык Пакроўскага кафедральнага сабора і член камісіі па кананізацыі святых Гродзенскай епархіі. Плануецца, што на рэсурсе будзе сабрана інфармацыя пра свяшчэннаслужыцеляў XX–XXI стагоддзяў, а таксама інфармацыя пра дзейныя і страчаныя праваслаўныя храмы рэгіёна. Пакуль сайт толькі напаўняецца.

Як паведамляюць стваральнікі, праект пачаў працу ў 2026 годзе. Яго мэта — захаваць і сістэматызаваць звесткі пра гісторыю праваслаўя на Гродзеншчыне праз біяграфіі святароў і царкоўнаслужыцеляў.

«Іх жыццё, праца, драмы і выпрабаванні складаюць жывую тканку царкоўнай гісторыі», — гаворыцца на сайце праекта.

Што ўжо ёсць на сайце

Пакуль архіў знаходзіцца на пачатковым этапе напаўнення. На сайце апублікаваныя біяграфіі свяшчэннаслужыцеляў Гродзенскай епархіі, звесткі пра іх адукацыю, месцы служэння і царкоўныя паслушанні. Таксама можна спампаваць кнігі, прысвечаныя гісторыі праваслаўя на Гродзеншчыне, і біяграфіі некаторых святароў.

Аўтары збіраюць даныя і пра праваслаўныя храмы Гродзеншчыны, уключаючы тыя, якія не захаваліся да нашых дзён.

Просяць дапамагчы з напаўненнем архіва

Стваральнікі праекта запрашаюць жыхароў рэгіёна ўдзельнічаць у яго развіцці. Можна дапамагчы ў пошуку і апрацоўцы архіўных матэрыялаў, перадаць фатаграфіі, дакументы, лісты і іншыя артэфакты, звязаныя з гісторыяй царквы, падзяліцца ўспамінамі пра свяшчэннаслужыцеляў або падтрымаць праект фінансава.

Паводле слоў арганізатараў, гэта дазволіць хутчэй папаўняць архіў новымі матэрыяламі і даследаваннямі.