З панядзелка, 22 чэрвеня, у Гродне стартуе другі этап супрацькляшчовых апрацовак. Работы будуць праводзіць спецыялісты дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Якія тэрыторыі апрацуюць
22 чэрвеня плануць апрацаваць тэрыторыю зоны адпачынку «Возера Юбілейнае» і прылеглыя лясныя масівы, урочышча Ласосна, а таксама сквер у мікрараёне Фолюш.
23 чэрвеня работы пройдуць ва ўрочышчы Пышкі на сцежцы здароўя і ў Каложскім парку.
24 чэрвеня спецыялісты апрацуюць лесапаркавую тэрыторыю Румлёва, лясныя масівы ў раёне ўрочышча Форт на вуліцы Кабяка, тэрыторыю паміж вуліцамі Томіна і Славінскага, а таксама зону адпачынку ў мікрараёне Альшанка каля сярэдняй школы №39.
Навошта праводзяць апрацоўку
Іксодавыя кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі дзевяці інфекцыйных захворванняў. Галоўнай пагрозай з’яўляюцца кляшчовы энцэфаліт і лайм-барэліёз. Кожны трэці кляшч пераносіць інфекцыі.
Спецыялісты апрацоўваюць не ўсе лясныя тэрыторыі, а найбольш наведвальныя ўчасткі: пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, зоны адпачынку, тэрыторыі каля лавак і іншых аб’ектаў.
Жыхароў просяць часова не наведваць апрацаваныя зоны
Работы правядуць, калі не пойдзе дождж. Гродзенцам рэкамендуюць тры дні пасля апрацоўкі не наведваць дадзеныя месцы.
Кляшчы ў Гродзенскай вобласці кусаюць усё часцей
Апошнім часам у Гродзенскай вобласці часцей звяртаюцца па медыцынскую дапамогу пасля укусаў кляшчоў. З пачатку года тут зарэгістравалі больш за 2 150 зваротаў, причым амаль 530 з іх адбылося за апошні тыдзень. Кожны трэці пацярпелы — дзіця.
Часцей кляшчы кусалі ў лясах, паведаміла энтамолаг супрацьэпідэмічнага аддзялення Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Слізевіч. Яны канцэнтруюцца ў вільготных месцах з высокай расліннасцю, узлесках, лясных сцежках і захламленых участках.


