Нават клумбы каля дома беларусы не могуць уладкаваць самастойна без дазволу ўладаў. Каб стварыць кветнік пад вокнамі шматпавярховіка, трэба прайсці праз шэраг узгадненняў і дазволаў. А за самавольна высаджаныя кветкі можна нават атрымаць штраф.
Тэма стала актуальнай вясной 2026 года: жыхары Фаніпаля хацелі азеляніць свой двор, але зрабіць гэта ім забаранілі камунальнікі.
Вы ўсё ж вырашылі стаць на шлях змагання за сваё права на горад? Тады лавіце гайд па тым, як правільна разбіць клумбу ў горадзе і якія расліны вытрымаюць не толькі ціск ЖКГ, але таксама выхлапныя газы і недахоп вады.
Кансультацыю па выбары раслін для гарадскога асяроддзя рэдакцыя Hrodna.life атрымала ад агранома Вольгі Верамеенкі.
Шматгадовікі — гэта каркас: з чаго пачаць клумбу ў двары
Для гарадскога двара Вольга раіць выбіраць шматгадовыя расліны. Яны самі перазімуюць, адрастуць і не патрабуюць штогадовай гісторыі з пасадкай. Каб не памыліцца з відам, трэба вызначыць, колькі святла трапляе на клумбу.
Расліны для клумбаў у цені

- Хоста — каралева цяністых кутоў. Яе вялізныя лісты закрываюць зямлю суцэльным дываном. Пустазеллю цяжка праз яго прабіцца. “Кажуць, што хоста ўжо надакучыла, але яе можна разбавіць іншымі кветкамі”, — раіць Вольга.
- Асцільба прыгожа квітнее пухнатымі мяцёлачкамі. Яны бываюць белыя, ружовыя, барвовыя. Любіць вільгаць і паўцень. Добра расце пад дрэвамі.
- Красадзён (лілейнік) вытрымае амаль усё. Расце на любым грунце, перанясе паўцень. Усё лета будзе паслядоўна адкрываць новыя бутоны.
Кветкі для клумбаў на сонцы

- Півоня любіць сонца, але можа перанесці кароткачасовы паўцень. У пачатку лета квітнее буйнымі кветкамі з шыкоўным водарам. Пасля красавання яе шчыльнае зялёнае лісце застаецца прыгожым фонам да самай восені.
- Расходнік (седум) — гэта сукулент. Назапашвае вільгаць, не баіцца спёкі. Квітнее ружовымі або жоўтымі суквеццямі. Яго сакавітае лісце стварае трывалы дыванок на клумбе.
- Эхінацэя з сярэдзіны лета квітнее яркімі кветкамі, якія прыцягваюць матылькоў. Любіць сонца і не зачахне, калі вы забудзецеся на паліў.
Чытайце таксама: Ці перашкодзяць кветкі ў Гродне алергікам?
Адналетнікі, якія клапоцяцца пра сябе самі
Вольга раіць выбіраць самааднаўляльныя кветкі. Такія расліны штовосень раскідваюць насенне і яно паспяхова зімуе ў глебе. “Яны на наступны год на тым жа месцы самі вырастуць. Вам толькі застанецца прарэдзіць усходы,” — кажа яна.
Калі хочаце штогод мяняць малюнак клумбы, адналетнікі варта абнаўляць. У гэтым выпадку Вольга раіць рассаду: “Тады кветкі хутчэй возьмуць сілу і будуць канкураваць з пустазеллем”.
Самыя трывалыя адналетнікі, якія выжывуць паўсюль — гэта аксаміткі. У іх процьма гатункаў: нізенькія, высокія, са сціплымі ці шыкоўнымі кветкамі, нават з пахам лімону існуюць. “Аксаміткі — сапраўдныя спартанцы, — кажа Вольга, — не баяцца ні сонца, ні засухі, ні гарадскога бруду. І адпужваюць з глебы шкоднікаў”.

Іншыя кветкі патрабуюць быць пільнымі да таго, колькі святла на вашай клумбе.
Чытайце таксама: Гарадскі актывізм: як звязаныя клумбы, веласцежкі і Новы Свет
Кветкі для клумбы, якія вытрымаюць паўцень

- Бурачок (алісум) мае дробныя кветачкі з мядовым пахам. Нізкарослы, на пярэднім плане клумбы заквітнее пышным дыванком. Цудоўна адчувае сябе нават на камяністай глебе.
- Шалфей цудоўны (сальвія) мае падобныя да свечак суквецці. Стварае на клумбе яркі акцэнт. “Звычайна мы бачылі сальвію чырвоную, а зараз ёсць і ружовая, і ласасёвая і з фіялетавым адценнем”, — кажа Вольга.
- Ляўконія (маціёла) для аматараў начных шпацыраў. Яе непрыкметныя кветкі раскрываюцца з надыходам цемры і маюць вельмі прыемны водар. Вольга раіць саджаць яе збоку клумбы, для паху.
Расліны для клумбы, якія любяць сонца

- Космас мае ажурнае лісце. Кветкі падобны да рамонак белага, ружовага ці бардовага колеру. Стварае на заднім плане клумбы лёгкую зялёную заслону.
- Эшольцыя (каліфарнійскі мак) раскрывае кветкі толькі на сонцы. Расце на пясчанай глебе. Насенне трэба высяваць адразу ў клумбу, бо парасткі не любяць перасадкі.
- Партулак — гэта сукулент. Нізкарослы, сцелецца па зямлі. Тоўстае лісце назапашвае вільгаць, таму здольны вытрымаць засуху і спёку.
Кабачок ці петунія — плюсы і мінуса агарода ў горадзе
Кабачкі і суніцы вырастуць і ў гарадской клумбе. Вядома, калі пра іх клапаціцца. Але Вольга Верамеенка знайшла ў гэтай ідэі не толькі плюсы.
Мінусы гарадскога агарода:
- Гародніна патрабуе больш увагі чым кветкі: падкормка, паліў, рыхленне. Без вашага клопату яе выгляд будзе далёкі ад эстэтычнага.
- Расліны назапашваюць цяжкія металы з выхлапных газаў: свінец, кадмій. Кветкі таксама іх збіраюць, але кветкі мы не ямо. Таму варта есці толькі тое, што расце ўдалечыні ад дарог з машынамі.
- Увосень клумба з гароднінай выглядае занядбанай: высыхаюць сцёблы таматаў, жухне лісце гуркоў. А клумба з кветкамі застанецца прыгожай да самых маразоў.
Плюсы гарадскога агарода:
- Агарод – гэта добрая падстава займацца ім разам з суседзямі. Падзяліць абавязкі, паліваць па чарзе. Гэта мяняе вашу ролю ў гарадскім асяроддзі: з пасіўных назіральнікаў вы ператвараецеся ва ўдзельнікаў.
- Для гарадскіх дзяцей, якія ніколі не бачылі, як расце ежа, памідор на клумбе — жывы ўрок біялогіі.
- Гародніна і садавіна выдатныя меданосы. Яны прывабліваюць больш разнастайных насякомых, чым дэкаратыўныя кветкі. За кузуркамі прылятаюць птушкі. Двор крок за крокам набліжаецца да жывога прыроднага асяроддзя.
Чытайце таксама: Для кветкавых арак з Савецкай знайшлі новыя лакацыі. Дзе яны будуць цяпер стаяць
Што зрабіць, каб клумба даглядала сябе сама і збірала супольнасць вакол кветак
Як стварыць клумбу, якая не патрабуе “рабскай” працы? Вольга прапануе тры лайфхакі.

- Расліны-дываны — барвенак, гарлянка, лазаніца манетчатая. “Ствараюць шчыльны пласт, праз які не прабіваецца пустазелле, і ўтрымліваюць вільгаць у глебе”, — тлумачыць Вольга. Праполкі стане значна менш.
- Мульча — слой кары, трэсак, жвіру на паверхні зямлі. Глеба не перасыхае, зелле не расце, клумба выглядае стылёва. “Драўляная кара павінна быць з лісцяных дрэў. З хвойных толькі для тых раслін, якія любяць кіслую глебу”, — папярэджвае Вольга.
- Мясцовыя расліны замест экзатычных. Тыя, што растуць у дзікай прыродзе, прыстасаваныя да мясцовых маразоў, засухі, шкоднікаў. Яны выжывуць там, дзе экзот загіне пры першым выпрабаванні.
Усе тры парады працуюць разам і клумба пачынае “даглядаць” сябе амаль самастойна.
Адна хоста, тузін аксамітак, слой мульчы і зараснікі лебяды падпісваюць акт аб капітуляцыі. Але сапраўдная магія пачнецца, калі знойдзецца сусед, які згодны паліваць па чарзе. Тады ваш “батанічны сад” ператворыцца ў супольную справу.



