Фанаты гродзенскага хакейнага клуба «Нёман» адкрылі ўласны спортбар пад назвай «Град бар». Гэта першы ў Беларусі выпадак, калі мясцовы фан-клуб самастойна запускае падобную ўстанову. Новая лакацыя размясцілася ў самым цэнтры горада па адрасе: вуліца Карла Маркса, 44 (на месцы былой крамы «Атлант»). Зараз бар працуе ў тэставым рэжыме.
Тэматыка і афармленне інтэр’ера цалкам прысвечаны мясцоваму фан-руху і роднаму клубу, паведамляе Telegram-канал балельшчыкаў ХК «Нёман» «Гарадзенцы». Пры гэтым арганізатары паабяцалі не пакінуць без увагі і сваіх сяброў з іншых спартыўных арганізацый і “рухаў” — для іх ва ўстанове будзе выдзелены “свой асобны куток”.
Галоўная ідэя бара — стварыць прастору «для сваіх», дзе балельшчыкі змогуць разам глядзець матчы любімай каманды, збірацца да і пасля хатніх гульняў, а таксама праводзіць розныя сустрэчы і мерапрыемствы.
Пры гэтым «Град бар» будзе адкрыты для ўсіх жыхароў і гасцей Гродна. Наведвальнікі змогуць паглядзець спартыўныя трансляцыі, заказаць напоі і закускі.
Графік працы бара:
- Пятніца – субота: з 11:00 да 05:00
- Нядзеля – чацвер: з 11:00 да 02:00



