Інга Каляда развівала конную гаспадарку ў Гродзенскім раёне. Справе беларуска прысвяціла сем гадоў: добраўпарадкавала тэрыторыю і зрабіла рамонт. Свой шлях Інзе прыйшлося пачынаць зноў пасля таго, як кошт арэнды рэзка вырас.

Марыла выкупіць участак, але дамова арэнды вырасла

Конную гаспадарку Інга развівала на тэрыторыі былога збожжасховішча ў Гродзенскім раёне. Жанчына прыгадвае, што пляцоўцы патрабавалася добраўпарадкаванне: трава расла па пояс, не было вады і святла. Таксама Інга цалкам замяніла дах, таму што той працякаў.

Беларуска займалася мадэрнізацыяй, мяркуючы, што ў будучыні зможа выкупіць былое збожжасховішча. Папярэднія дамоўленасці з уладальнікам тэрыторыі – Гродзенскай птушкафабрыкай, ужо былі.

Беларуска сем гадоў развівала конную гаспадарку пад Гроднам. Птушкафабрыка падняла арэнду - праект быў пад рызыкай закрыцця
Інга Каляда. Фрагмент эфіру “ТРК Гродна”

Сітуацыя змянілася ў пачатку 2026 года. Уладальнік прапанаваў перазаключыць дамову на новых умовах, пры якіх каэфіцыент арэнды вырас у некалькі разоў – з 0,7% да максімальнага (верагодна, 3,0%).

«З павышэннем цаны не згаджалася, з улікам таго, што паляпшала будынак я сама за свой кошт. Я нават згодна на павышэнне цаны, але дайце мне ўзгоднены каэфіцыент: растлумачце мне, чаму такая цана. Тлумачэнняў [ад уласніка — Hrodna.life] не было», — расказвае Інга. 

Гродзенская птушкафабрыка хоча атрымліваць ад участка пастаянны прыбытак

Тады беларуска звярнулася ў суд – той стаў на бок Гродзенскай птушкафабрыкі. Уладальнікі таксама адзначылі, што попыт на нерухомасць у той зоне вырас, адпаведна, паднялася і цана на арэнду.

Каментуючы спрэчку, юрыст-кансультант Гродзенскай птушкафабрыкі Філіп Рыхтэр адзначае: арандатару прапанавалі падоўжыць дамову, але той не пагадзіўся з новымі ўмовамі.

«Аб’ект мае высокі арэндны патэнцыял, адбіваецца блізкасць абласнога цэнтру. Для нас прыярытэтам з’яўляецца сістэматычнае атрыманне прыбытку з арэнды», – кажа юрыст. Прадаць будынак не плануюць.

Новае месца знайшлі, але скончыць будоўлю трэба да зімы

У выніку Інзе прыйшлося шукаць новую тэрыторыю пад стайню – выбралі тэрыторыю фермерскай гаспадаркі.

Тое, што беларуска развівала сем гадоў, прыйшлося аднаўляць у нашмат больш сціслыя тэрміны – за паўгода. Пляцоўку ёй выдзелілі – хто, не паведамляецца.

«Тэрыторыя не выглядала такой даступнай, як яна выглядае зараз: была ў зарасніках, дротах, колах. Мы ўсё гэта раскопвалі, чысцілі, вывозілі, прыводзілі ў парадак», – дадае Інга.

Цяпер тут завяршаюць будаўніцтва левад (загонаў) для 20 коней, рыхтуюць пляцоўку для трэніровак і будуюць уласную стайню. Укласціся плануюць да пачатку зімы. Інга лічыць, што год каня заканчваецца для яе выдатна, таму што яна не здалася і атрымала шмат падтрымкі.

У будучыні беларуска плануе пашырыць тэрыторыю фермерскай гаспадаркі і, магчыма, выкупіць стайню.

Чытайце таксама: Механізатар з пратэзам 15 гадоў кіраваў трактарам — цяпер медыкі з Гродна хочуць яму гэта забараніць