У канцы кастрычніка рэдакцыі Hrodna.life стала вядома, што бацькі некаторых гродзенскіх школьнікаў перажываюць за іх здароўе. Дзецям рабілася дрэнна пасля таго, як яны палілі цыгарэты – мяркуецца, яны купілі іх каля тытунёвай фабрыкі “Нёман”. Праз тыдзень на платформе change.org з’явілася петыцыя – бацькі патрабуюць праверыць і школы, і фабрыку “Нёман”.
“Такое пачуццё, што ўсе ўсё ведаюць”
У канцы кастрычніка ў бацькоўскіх Telegram-чатах пачалі актыўна абмяркоўваць сітуацыю, якая разгарнулася ў некаторых школах Гродна. Па паведамленнях бацькоў, нібыта некалькі школьнікаў адчулі сябе дрэнна пасля курэння цыгарэт. Адной з маці прыйшлося везці сына ў бальніцу – там дзіцяці паставілі кропельніцу.
«Потым расказаў, што таксама з сябрамі на перапынку вырашыў пакурыць… Я тады так перапалохалася, словамі не перадаць. Хадзіла да дырэктара школы, спрабавала пагаварыць, але мяне толкам нават не выслухалі… Такое пачуццё, што ўсе ўсё ведаюць, але нікому няма справы да гэтага. Вельмі балюча і страшна за нашых дзяцей…» – падзялілася гродзенка.
Іншая жанчына распавяла, што ёй прыйшлося забраць сына крыху раней з урокаў з-за дрэннага адчування. Дома дзіця вырвала, было бледным. Маці ў кішэнях у сына знайшла цыгарэты.
«Спрабую з ім пагаварыць па-добраму, даведацца, адкуль ён іх бярэ, але ён толькі кажа, што купіў цыгарэты ў нейкага мужыка каля 6-й сяр. школы. Больш нічога расказваць не хоча», — напісала маці.
Як у непаўналетніх аказаліся цыгарэты?
У адным з чатаў бацькі выказалі меркаванне, якое грунтуецца на іх здагадках – пацверджання гэтаму няма. Нібыта дзеці збіраюцца ля тытунёвай фабрыкі “Нёман”, дзе і купляюць цыгарэты ў супрацоўнікаў.
Пасля з’яўлення такіх паведамленняў рэдакцыя Hrodna.life паспрабавала звязацца з фабрыкай. Званок перапыніўся пасля таго, як супрацоўнік рэдакцыі пачаў казаць пра дзяцей, якім стала дрэнна ад цыгарэт.
Бацькі стварылі петыцыю
На платформе change.org з’явілася петыцыя пад загалоўкам «Абаронім школьнікаў Гродна: патрабуем праверкі школы і фабрыкі «Нёман». Бацькі патрабуюць праверыць магчымы продаж цыгарэт дзецям і ўстанавіць меркаванага прадаўца. Праверыць дзеянні школы №6 і высветліць, як арганізаваны нагляд за школьнікамі падчас урокаў і перамен.
Таксама бацькі патрабуюць праверыць магчымае дачыненне супрацоўнікаў фабрыкі “Нёман” да таго, што адбываецца, і прыняць канкрэтныя меры бяспекі: прызначыць адказных, устанавіць тэрміны і паведаміць аб выніках праверкі.
Петыцыя адрасавана Гродзенскаму гарвыканкаму, органам адукацыі, міліцыі і кіраўніцтву тытунёвай фабрыкі. Пад петыцыяй ужо падпісалася 18 чалавек.
Чытайце таксама: «Яшчэ і на піва застаецца». З’ездзілі на мяжу і даведаліся, як беларускія цыгарэты ўвозяць у Польшчу і чаму не атрымоўваецца спыніць кантрабанду



