Гродзенцы заўважылі, што мікрааўтобус кавярні “Жоўты” вывозяць з вуліцы Савецкай на эвакуатары. Фатаграфіяй падзяліліся ў Threads днём 4 лістапада – уладальнікі ўстановы ўжо адрэагавалі.

У Instagram «Жоўты» паведамілі, што 4 лістапада кавярня будзе зачынена па тэхнічных прычынах. А ўжо ў Threads дадалі, што насамрэч гэта не эвакуацыя. «Жоўтаму таксама часам патрэбны б’юці-працэдуры. Мыемся, чысцімся, наводзім прыгажосць».

З цэнтра Гродна «эвакуіравалі» фудтрак-кавярню «Жоўты»
“Жоўты” вывозяць з Савецкай. Фота: Threads

Уладальнікі паабяцалі вярнуць аўтобус у хуткім часе, каб зноў радаваць наведвальнікаў кавай.


Кавярня-фудтрак “Жоўты” працуе на базе мікрааўтобуса BarkasB1000, які выпускалі на прадпрыемстве ва ўсходняй Германіі з 1961 па 1991 гады. Уладальнік Мікіта набыў мікрааўтобус за $1000 у Светлагорску: каб прыгнаць машыну ў Гродна, спатрэбілася пераадолець каля 500 кіламетраў.

«Дастаўка не была простай, а далей – памылкі ў дакументах, суды, рэгістрацыя ў ДАІ. На ўсё гэта сышло шмат сіл і дзевяць месяцаў», – успамінае ўладальнік.

Па словах Мікіты, выніковы кошт праекта з улікам рамонту і неаднаразовага перафарбоўвання мікрааўтобуса склалася ў кошт прыстойнага новага аўто.

Чытайце таксама:  У Гродне пачалі прадаваць распушчальную спэшалці-каву: абяцаюць смак, як у кавярні