Польскі музыка Збігнеў Гневашэўскі з’ехаў з Варшавы ва ўзросце 66 гадоў. Два гады таму разам з жонкай выбралі Мінск, а пасля перабраліся ў вёску Ражанка пад Шчучынам. Тут мужчыну дапамаглі з уладкаваннем студыі гуказапісу – Збігнеў ужо паспеў запісаць амаль 40 новых песень, паведамляе Times.by.
Рэдакцыі Hrodna.life не ўдалося знайсці вялікіх інтэрв’ю, якія Збігнеў Гневашэўскі даваў польскім медыя. На некаторых тэматычных анлайн-платформах размешчана біяграфія музыкі аднолькавага зместу. На YouTube ёсць плэйліст з кампазіцыямі Збігнева — больш за ўсё праглядаў, 26 тыс., сабрала песня Znowu jest Balanga, а таксама кампазіцыя Za latem idź (21 тыс.). Астатнія трэкі артыста прагледзелі ад 1 тыс. да 4,7 тыс. разоў. Музыка таксама ўзгадваецца у “Вікіпедыі” як удзельнік фестывалю “Браціслаўская ліра” ў 1997 годзе.
Збігнеў нарадзіўся ў Познані, рос у Лодзі, пасля пераехаў у Варшаву. Захапляцца музыкай пачаў яшчэ ў дзяцінстве – спачатку асвоіў губны гармонік, а затым акардэон. У 1980-м артыст стварыў уласны поп-рок гурт «Адысея 2000» – ён кіраваў ім два гады.
Журналісты Times.by пішуць, што ў наступныя гады імя Збігнева “загрымела па ўсёй Польшчы”. Мужчына дзяліў сцэну з зоркамі польскай эстрады: Марыляй Радовіч, Кшыштафам Краўчыкам, Збігневам Вадзецкім, Анджэем Завухам, гуртом VOX. На піку папулярнасці яго фан-клуб аб’ядноўваў каля 20 тыс. чалавек, а канцэрты збіралі да 20 тыс. гледачоў. Кампазіцыі Збігнева рэгулярна ўзначальвалі радыё- і тэлечарты, атрымліваючы статус “Песня года”.
Чаму артыст пераехаў у Беларусь?
Па словах Збігнева, для творчасці яму патрэбная “стваральная атмасфера” — у Польшчы ў апошнія гады ён яе не адчуваў. Разам з жонкай падумвалі пераехаць у Расію, але ў выніку абралі Беларусь. Першыя месяцы пара жыла ў Мінску, потым перабралася ў аграгарадок Ражанка Гродзенскай вобласці.
Па словах Збігнева, яго асяроддзе паставілася да рашэння аб пераездзе са здзіўленнем.
— Нас пыталі: «Вы прамянялі Варшаву на нейкую Ражанку? Вы ненармальныя?» А я на гэта не крыўдзіўся, заўсёды жартам адказваў: «Я не ненармальны, я проста артыст!» Сапраўдны творца і павінен быць крыху вар’ятам, інакш як ствараць мастацтва?
Беларусь спадабалася Збігневу чысцінёй, якаснымі прадуктамі і спагаднымі людзьмі. Артыст кажа, што ў яго з’явілася «гастранамічная любоў – беларускае малако». У дзень ён выпівае па два з паловай літры.
Чым Збігнеў займаецца ў Беларусі?
Пасля пераезду артыст адчуў моцны прыліў натхнення. Яму прадаставілі памяшканне для студыі, дзе мужчына піша музыку, робіць аранжыроўкі, зводзіць трэкі і мантуе кліпы пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Паралельна Збігнеў асвойвае рускую і беларускую мовы і нават паспеў запісаць каля 40 песень — актыўна супрацоўнічае з літаратаркамі Верай Буландай і Людмілай Шчэрбай. У будучыні хоча выпусціць сумесны зборнік з мясцовымі аўтарамі, у тым ліку Ганнай Каспер.
Збігнеў ужо паспеў выступіць на свяце вёскі ў Ражанцы — даў бясплатны канцэрт аднавяскоўцам. Таксама артыст выступаў у мінскім Палацы культуры ветэранаў — кажа, там панавала «касмічная энергетыка», бо беларускія слухачы тонка адчуваюць і шануюць якасную музыку.
Якія мэты ставіць сабе музыка?
Артыст адкрыты для творчых прапаноў у Беларусі і гатовы выступаць на канцэртных пляцоўках краіны. Цяпер ён шукае мэнэджэра, які возьме на сябе арганізацыю яго выступаў. А вось выступаць на вяселлях і карпаратывах Збігнеў не хацеў бы — для яго важна выходзіць на сцэну дзеля мастацтва і дыялогу з гледачом.
У планах Збігнева пабываць у Маскве на Краснай плошчы. Сабе ў прыклад ён ставіць 75-гадовага Алега Газманава – захапляецца яго актыўнасцю і фізічнай формай.
Чытайце таксама: Гродзенскі музыка пераехаў у прымежную польскую вёску, якая вымірае, каб запісаць альбом




