Жыхарка Скідзеля Галіна Сяргеенка паскардзілася дзяржаўным медыя на «ляжачых паліцэйскіх», размешчаных на скрыжаванні вуліц Леніна і Камунальнай. Калі праязджаюць фуры, стаіць моцны шум. У ЖКГ адказалі, чаму дэмантаваць “ляжачых паліцэйскіх” пакуль не ўяўляецца магчымым.

Па словах Галіны Сяргеенкі, калі вялікія аўто праязджаюць па «ляжачых паліцэйскіх», стаіць моцны шум.

«Я кожны раз уздрыгваю, калі машына праязджае. Сцены трасуцца, таго і глядзі дом абрынецца або абваліцца нешта», — кажа жанчына. 

Тры гады таму на скрыжаванні вуліц Леніна і Камунальнай ужо рабілі штучную няроўнасць, але пасля звароту мясцовых яе дэмантавалі. Жанчына ўпэўнена, што рашэнне аб непатрэбнасці “ляжачага паліцэйскага” мае сілу і сёння.

Што кажуць у ЖКГ?

«Ляжачыя паліцэйскія» размешчаны на гэтым участку таму што машыны і фуры ездзяць, ігнаруючы пешаходныя пераходы. ДАІ фіксавала некалькі аварый на ўчастку, у тым ліку там збілі чалавека насмерць.

Штучныя няроўнасці ўладкавалі ў рамках праграмы па павышэнні бяспекі дарожнага руху ў Гродзенскай вобласці на 2026 год. У прыватнасці, Скідзельскай ЖКГ загадалі зрабіць дзве штучныя няроўнасці на вуліцы Леніна ў раёне дома №30. Мерапрыемствы выпрацаваны экспертнай рабочай групай па аналізе дарожна-транспартных здарэнняў.

Ці ёсць альтэрнатывы?

У ЖКГ альтэрнатыўных варыянтаў не прапанавалі. Але аўтары публікацыі задаюцца пытаннем, чаму вялікагрузам дазволена ездзіць па адной з цэнтральных дарог, якая ідзе міма парка, дома культуры і гарвыканкама.

Журналісты мяркуюць, што забарона руху вялікагрузаў па вуліцы Леніна магла б вырашыць праблему. Фуры прапануюць перанакіраваць у аб’езд.

Чытайце таксама: “40 хвілін замест 15”. Гродзенцы паскардзіліся Караеву на новыя святлафоры на кальцы Таўлая-Брыкеля