Эканамічны суд Гродзенскай вобласці ўзбудзіў справу аб банкруцтве кампаніі «Вэла». Яна кіравала некалькімі крамамі «Світанак» і развівала ўласныя гандлёвыя пункты «Велайм». Заяву аб фінансавай неплацежаздольнасці падала сама кампанія, піша «Зеркало» са спасылкай на дзяржаўны рэестр звестак аб банкруцтве.
Амаль 294 тысячы рублёў даўгоў
Паводле звестак выдання, запазычанасць «Вэлы» складае амаль 294 тысячы рублёў. Пры гэтым маёмасці ў кампаніі — на 10 тысяч рублёў, а на разліковым рахунку засталося 3,59 рубля.
Суд прыняў заяву і ўвёў ахоўны перыяд. У гэты час часовы кіраўнік павінен ацаніць фінансавае становішча кампаніі і магчымасць разлічыцца з даўгамі.
Што вядома пра кампанію і яе крамы
Паводле даных сэрвісу «Контрагенто», ТАА «Вэла» зарэгістравалі 20 мая 1992 года. Юрыдычны адрас кампаніі — Гродна, вуліца Славінскага, 5-92.
У публікацыі партала Metasalon 2019 года пра «Велайм» і сетку «Світанак» пералічваліся чатыры адрасы крам «Світанак» у Гродне — Славінскага, 5, Савецкіх Пагранічнікаў, 106, Ажэшкі, 43 і Цітова, 13. У асартыменце былі адзенне для дзяцей, школьная форма і тавары для фізкультуры.
Крама «Велайм» на Славінскага, 5, мяркуючы па ўсім, працавала яшчэ ў 2020 годзе.



