На скрыжаванні вуліц Таўлая і Бабіна Гара ў Гродне хочуць узвесці сучасны жылы квартал – ён заменіць існуючую малапавярховую забудову. Праект прадугледжвае будаўніцтва урбан-вілаў і каскадных шматпавярховак. Гродзенскі гарвыканкам анансаваў грамадскія абмеркаванні праекту.
Што можа з’явіцца ўздоўж вуліцы Таўлая?
Участак пад забудову складае 4,5 га. Усяго там размесцяць 726 кватэр, першыя паверхі адвядуць пад грамадскія памяшканні. Праект разлічаны на тры тыпы забудовы.
Тып А. Забудова ўздоўж вуліцы Таўлая секцыйнымі дамамі зменнай паверхавасці (6-10 паверхаў) з каскадным сілуэтам. Першыя паверхі плануюць адвесці пад грамадскія памяшканні і аб’екты абслугоўвання.
Тып В. Забудова ўнутры квартала шасціпавярховымі урбан-віламі – дамы будуць аднапад’езднымі.
Тып С. Забудова зменнай паверхавасці па перыметры квартала, фасады будуць выходзіць у двор і ў бок сумежных жылых дамоў.
Як арганізуюць зоны агульнага карыстання?
Двары жылога квартала плануюць ізаляваць ад транзітнага транспарту і парковак – замест гэтага ўчасткі азеляняць і ўладкуюць там зоны адпачынку, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Азеляняць тэрыторыю хочуць дрэвамі, хмызнякамі, шматгадовымі раслінамі і газонамі. Ужо існуючыя расліны плануюць захаваць.
Праект прадугледжвае 559 машына-месцаў, з іх 18 – для людзей з дадатковымі патрэбамі. Паркоўкі вынясуць за межы забудовы.
Рух транспарту экстраных і абслугоўваючых службаў унутры дваровай тэрыторыі арганізуюць па тратуары з узмоцненым пакрыццём.



Дзеля новага квартала скарэктуюць схему руху
Для забеспячэння транспартных зносін з кварталам рэканструююць перакрыжаванне вуліц Таўлая і Бабіна Гара, а з боку вул. Брыкеля арганізуюць кругавы рух. Таксама пад’ехаць да квартала можна будзе з боку вул. Таўлая.
Хто адказвае за праект і забудову?
Забудовай квартала на Таўлая займаецца Брэсцкая кампанія «Бетонны вулей». Пра тое, што дэвелапер выйшаў на рынак Гродна, стала вядома ў сакавіку 2026 – тады ж анансавалі забудову і знос прыватных пабудоў у квартале.
Праект забудовы распрацоўвала мінская фірма «ПраектПрыклад». Канцэпцыя квартала стваралася на падставе дамовы з Гродзенскім гарвыканкамам. Выбар архітэктурнай і мастацкай стылістыкі абумоўлены гістарычным духам месца, дзе раней знаходзілася вёска Дзевятоўка.
У праекце выкарыстоўвалі выявы скатных дахаў, тактыльныя тэкстуры паверхняў, суразмерны чалавеку маштаб, а ў добраўпарадкаванні – прыродныя выявы рэчышчаў рэк, астраўкоў і берагоў.
Як гараджане могуць выказацца аб праекце?
Праект новага квартала на Таўлая вынясуць на грамадскія абмеркаванні, якія пройдуць з 23 лістапада па 7 снежня 2026 года.
Прэзентаваць праект будуць 3 снежня ў 15:00 ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе пл. Тызенгаўза, 3, (кабінет №1, 1 паверх).
Заўвагі і прапановы прымаюць з 23 лістапада па 7 снежня 2026 года ў пісьмовай або электроннай форме з паметкай “грамадскае абмеркаванне” па адрасах:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230023, Гродна. E-mail: [email protected].
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230023, Гродна. E-mail: [email protected].
- У пісьмовым выглядзе – у часопісе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.
Інфармацыю аб выніках абмеркавання апублікуюць на сайце Гродзенскага гарвыканкама да 21 снежня 2026 года.
Чытайце таксама: У Гродне «мадэрнізуюць» царскія казармы XIX стагоддзя — абшываюць сучаснымі панэлямі




