У Гродне плануюць набыць яшчэ 12 тралейбусаў з аўтаномным ходам. У новую партыю ўвойдуць дзве машыны павышанай умяшчальнасці — «гармонікі» — і дзесяць звычайных тралейбусаў. Іх чакаюць не пазней за 28 лютага 2027 года. Пра гэта расказаў дырэктар ААТ «Аўтобусны парк Гродна» Дзмітрый Буткевіч у эфіры тэлеканала «Гродна Плюс».
Паводле слоў Буткевіча, горад працягне развіваць электратранспарт, але пакуль не плануе пашыраць кантактную тралейбусную сетку. Замест гэтага ў Гродне будуць набываць тралейбусы з аўтаномным ходам.
Цяпер аўтапарк развівае існыя маршруты і павялічвае колькасць транспарту на іх. Гэта звязана ў тым ліку з ростам мікрараёнаў Альшанка і Грандзічы, дзе павялічваецца пасажырапаток.
У Гродне ўжо каля года эксплуатуюць тралейбусы павышанай умяшчальнасці — «гармонікі». Паводле слоў Буткевіча, на Альшанцы не хапала звычайнага транспарту, таму аўтапарк набыў дзве такія машыны.
Ён таксама ўзгадаў, што адна «гармонік» ужо працавала ў Гродне ў 1980-я гады. Пазней яе разрэзалі, бо абслугоўваць такі транспарт было складана. Цяпер па горадзе ездзяць дзве тралейбусныя «гармонікі».
Новыя тралейбусы з аўтаномным ходам плануюць накіраваць на дзейныя маршруты № 23, 24, 25 і 27, каб павялічыць колькасць транспарту на іх.
Паводле слоў Буткевіча, на заводзе «Белкамунмаш» узніклі невялікія затрымкі. Тралейбусы павінны былі прыехаць у Гродна да канца гэтага года, але цяпер іх чакаюць не пазней за 28 лютага 2027 года.
Якія тралейбусныя маршруты могуць падоўжыць
У далейшым аўтапарк плануе набыць яшчэ адну партыю тралейбусаў з аўтаномным ходам. Гэта дазволіць сумесна з аператарам пасажырскіх перавозак закрыць маршрут № 41 «Альшанка — Маладзёжная» і падоўжыць тралейбус № 9 да Альшанкі.
Пры гэтым дзявяты маршрут прыбяруць з канчатковага прыпынку «Хімвалакно». Паводле слоў Буткевіча, пасля падаўжэння да Альшанкі ён будзе цалкам дубляваць маршрут № 41.
Кандыцыянеры ёсць не больш чым у 5% аўтобусаў
Падчас інтэрв’ю Буткевічу задалі пытанне пра скаргі пасажыраў на тэмпературу ў грамадскім транспарце: летам людзі наракаюць на адсутнасць кандыцыянераў, зімой — на холад у салонах.
Дырэктар патлумачыў, што кандыцыянеры ўсталяваныя далёка не ва ўсіх аўтобусах. Паводле яго слоў, імі абсталявана не больш за 5% аўтобуснага парка.
Ён таксама звярнуў увагу на асаблівасці гарадскіх перавозак: адлегласці паміж прыпынкамі невялікія, аўтобус часта адчыняе дзверы і стаіць на прыпынку каля хвіліны-паўтары, а потым едзе дзве-тры хвіліны да наступнага. У такім рэжыме кандыцыянеру складана эфектыўна астуджаць салон, а ацяпленню — прагрэць яго. Калі ў аўтобусе адчыняюцца тры-чатыры дзверы, як у «гармоніку», цяпло або халаднаватае паветра хутка выходзяць вонкі.
Буткевіч расказаў, што ў новых аўтобусах сістэма кандыцыянавання ўладкаваная так, што яна ўключаецца адначасова для кабіны кіроўцы і пасажырскага салона. Кіроўца не можа ўключыць ахалоджванне толькі для сябе, пакінуўшы пасажыраў без кандыцыянера.
Паводле яго слоў, канструкцыя ацяплення таксама залежыць ад асаблівасцяў аўтобуса: печка кабіны кіроўцы працуе праз салон. Таму нельга адключыць ацяпленне ў пасажырскай частцы, пакінуўшы абагрэў толькі для кіроўцы.
Буткевіч прапанаваў зрабіць грамадскі транспарт бясплатным
У канцы інтэрв’ю дырэктара спыталі, якое рашэнне ён прыняў бы, калі б мог паўплываць на жыццё Гродна незалежна ад бюджэту. Буткевіч назваў бясплатны праезд у грамадскім транспарце.
Паводле яго слоў, гэта магло б быць рашэнне пра бясплатны праезд для ўсіх пасажыраў або хаця б для жыхароў Гродна. Пры гэтым ён прызнаў, што такая мера павялічыла б нагрузку на бюджэт.
«Але гэта дазволіла б пасажыру ездзіць бясплатна. Не патрэбныя былі б кампосцеры, валідатары, талончыкі, кантралёры», — патлумачыў Буткевіч.



