Расплаціцца банкаўскімі бескантактнымі карткамі, смартфонамі і смарт-гадзіннікамі з падтрымкай NFC у аўтобусах Гродна можна з 27 лістапада. Аўтапарк ужо запусціў тэсціраванне сістэмы, якую раней правяралі ў гродзенскіх тралейбусах. Пакуль пасажырам раяць мець пры сабе запасны варыянт аплаты — сістэма яшчэ можа даваць збоі.

Для бескантактавай аплаты праезду дастаткова прыкласці картку або прыладу з NFC да валідатара ў салоне транспарту. Затым – дачакацца гукавога сігналу і выніку аперацыі, адлюстраванага на валідатары.

Сістэма працуе па прынцыпе адна карта на пасажыра – аплаціць праезд адразу за некалькіх чалавек не выйдзе.

Пры праверцы аплаты кантралёрамі картку ці смартфон трэба будзе прыкласці да тэрмінала – сістэма пацвердзіць куплю білета. Паўторнага спісання сродкаў не здарыцца.

Пры гэтым іншыя спосабы аплаты: папяровыя талоны, праязныя білеты і аплата па QR-кодзе, — дзейнічаюць без змен.


Тэсціраваць сістэму бескантактнай аплаты ў Гродне пачалі 11 лістапада ў тралейбусах. Аплаціць праезд атрымлівалася не заўсёды: адны гродзенцы паведамлялі, што карткі не працуюць, у іншых аплата праходзіла паспяхова.

Паралельна з укараненнем бескантактнай аплаты ў Гродне, да 2027 года ўсе рэгіёны краіны хочуць далучыць да адзінай сістэмы аплаты праезду. Пасажыры змогуць разлічвацца талончыкамі, банкаўскімі картамі або праз мабільныя дадаткі. Пры гэтым у Гродне ўжо працуе сістэма электронных праязных са студзеня 2026 года.

Пакуль не да канца зразумела, ці будуць усе тры сістэмы аб’яднаны паміж сабой.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці вырасце кошт праезду