У пачатку лістапада ў Гродне пасля рэканструкцыі адкрыўся аквапарк “Лазурный”. Некаторыя гараджане ўжо паспелі наведаць «Лазурный» – у Threads пачалі з’яўляцца водгукі з крытыкай. Hrodna.life паглядзеў, што не спадабалася гродзенцам.

У душавых няма перагародак

«Схадзілі на разведку ў аквапарк «Лазурный». Першы дзень працы палічкі не вытрымалі наплыву наведвальнікаў і дзвярэй таксама», — напісала ў сацсетках адна з гараджанак, прымацаваўшы фота «Лазурного».

У каментарах іншыя ўдзельнікі абмеркавання цікавяцца, чаму душавыя басейна не падзелены перагародкамі. Гродзенцы адзначаюць, што такія агульныя душавыя дапушчальныя для лазняў, калі людзі проста абдаюцца вадой, але не для басейнаў.

“Хоць бы да ўзроўню плячэй перагародкі… гэта трэш”, – піша адзін з карыстальнікаў.

«Больш за ўсё засмучае адсутнасць перагародак: уявіце, што мама ці бацька заходзіць з маленькім дзіцем у душ», — выказваецца яшчэ адзін гараджанін.

«Пардон, а туалет таксама як у старажытным Рыме без перагародак, каб лепш стасавацца было?» – цікавіцца іншы ўдзельнік абмеркавання.

Плітка слізкая, а тэмпература вады ў басейне некамфортная

Не спадабалася гродзенцам і тое, што плітка ў «Лазурном» слізкая. Таксама крытыкавалі тэмпературу вады ў басэйне. Праўда, водгукі адрозніваюцца: адным яна здалася занадта халоднай, іншым – занадта цёплай.

Таксама адзін з карыстальнікаў адзначыў, што ў спа-зоне рэлаксуючая музыка грае ўперамешку з Rammstein і “Ленинградом”.

«Хадзіла сёння, не спадабалася ўсё. Басейну няма, у аквапарку вада 1,2 метра, чыста для дзяцей. Горкі як па мне дзіцячыя, душ гэта асобная тэма, мала таго што палкі адламаныя, дык яшчэ і перагародак няма. Масажоры слабыя, джакузі таксама. У распранальні не ўсюды ёсць лавачкі, задуха стаіць, колькі не выцірайся ўсё роўна мокры. Вось лазні толькі зайшлі, астатняе жах. Самы горшы аквапарк дзе я была», – падзялілася адна з гараджанак.

«Наяўнасць аб’екта лепш, чым яго адсутнасць»

Пазітыўныя водгукі аб «Лазурном» таксама ёсць. Напрыклад, некаторыя гродзенцы пішуць, што плітка ў аквапарку “зусім не слізкая”, а само месца выдатна падыходзіць для адпачынку з дзецьмі.

«Схадзілі з трыма дзецьмі, выдатна… Ды глыбіні няма (пофіг, я плаваць не ўмею). Затое лазні выдатныя, адначасова ўсюды быў персанал які глядзеў за дысцыплінай!» – падзялілася адна з гродзенак.

«Самыя актыўныя адны крытыкі. Наяўнасць аб’екта ўсё ж лепш, чым яго адсутнасць», — выказваецца ўдзельнік абмеркавання.

Рэканструкцыя абышлася больш чым у 24 млн руб

Абноўлены “Лазурный” ў Гродне адкрылі 6 лістапада 2026 года. У аквапарку абсталявалі два басейны – дарослы з трыма горкамі і дзіцячы з двума. Таксама з’явіліся джакузі на 20 чалавек, спа-зона з некалькімі відамі лазняў і саунаў, пакоі адпачынку і кафэ.

Аднаўляць аквапарк пачалі ў сакавіку 2025. Рэканструкцыя абышлася ў 24,2 млн рублёў замест раней запланаваных 16 млн.

Чытайце таксама: Аквапарк “Лазурный” у Гродне адкрылі ў пачатку лістапада