Супрацоўнікі камунальных службаў у Смаргоні пачалі дэмантаж дэкаратыўнага знака на кальцавой развязцы – прыбіраюць згадкі аб краінах-суседках. Сем гадоў таму знак устанавілі як сімвал міжнародных сувязяў, адзначае «Наша Ніва».
Мяркуючы па апублікаваных фота, камунальнікі зрэзалі таблічкі з назвамі гарадоў, таксама дэмантуюць каляровую ашалёўку з металічных каркасаў. Разам з Вільняй, Варшавай і Талінам дэмантавалі згадку Масквы.
Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Смаргонскай ЖКГ, самі металічныя апоры вырашылі не зносіць, але іх ідэалагічнае напаўненне цалкам зменяць.
«Канструктыўна паказальнік не зменіцца, але яго аформяць у колерах дзяржаўнай сімволікі, а папярэднія надпісы заменяць на адлегласці да абласных цэнтраў Беларусі. Акрамя таго, да навагодніх і калядных святаў канструкцыю дадаткова падсвецяць», – сказаў чыноўнік.
Канструкцыю ўстанавілі ў 2019 годзе, калі Смаргонь рыхтавалася да абласнога фестывалю-кірмаша «Дажынкі». Арт-аб’ект прадстаўляў кампазіцыю са стэл, размаляваных у колеры сцягоў суседніх краін і мясцовай сімволікі. Паказчыкі адлегласцяў да сталіц афармлялі на беларускай мове. Ад Смаргоні да Вільні 77 км, да Мінска – 100, да Варшавы 440, да Таліна – 554, а да Масквы – 680.
Паказальніка на Кіеў ужо не было. Але была стэла, аформленая ў колерах сцяга раёна – паказвала на Крэва.
Чытайце таксама: Жыхарка Смаргоні папрасіла лаўку каля крамы. Мясцовая раёнка параіла ёй «агледзецца па баках»




