Варшаўская антыкварная крама Lamus прадае на партале onebid.pl некалькі гістарычных прадметаў, звязаных з Гроднам і Гродзеншчынай. Сярод іх – рэдкі дакумент 1546 года з асабістым подпісам каралевы Боны Сфорцы, паштоўка, напісаная Элізай Ажэшкай, і гравюра XVII стагоддзя з панарамай Гродна. Самы дарагі з гэтых лотаў ацанілі ў 40 000 злотых (9150 EUR).
Прадметы выстаўлены на 76-ы аўкцыён кніг і графікі крамы Lamus, які адбудзецца 5–6 снежня 2026 года.
Дакумент Боны Сфорцы пра заснаванне касцёла ў Лунне – 40 000 злотых
Гэта пергаментны дакумент ад 15 чэрвеня 1546 года, напісаны на лацінскай мове. На ім захаваўся ўласнаручны подпіс каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы – «Bona Regina», а таксама след ад пячаткі.
“Арыгінальныя дакументы з уласнаручнымі подпісамі каранаваных асоб для беларускіх музеяў і калекцый наогул катастрафічна рэдкія, – кажа гісторык Аляксей Бацюкоў. – Звычайна падобныя дакументы можна сустрэць толькі ў Нацыянальным гістарычным архіве і доступ да іх абмежаваны – допуск маюць даследчыкі і архівісты”.
Таму ў звычайнага чалавека надзвычай мала магчымасцяў сустрэць такі дакумент, а яшчэ менш – калі ён звязаны з дзейнасцю жанчыны, тлумачыць гісторык. Справа ў тым, што прамых матэрыяльных сведчанняў, звязаных з жанчынамі, заўсёды будзе менш, чым у выпадку з мужчынамі. Нават калі гаворка пра каралеву.
“Артэфактаў з аўтографамі каралевы Боны Сфорцы ў Беларусі адзінкі. Вядома пра ліст каралевы ад 1535 года ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, і для гэтай музейнай калекцыі ён характарызуецца як адзін з найбольш каштоўных і ўнікальных”, – кажа Аляксей Бацюкоў. Некалькі дакументаў ёсць у Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску. Але збольшага дакументы, падпісаныя Бонай, раскіданыя па архівах і музеях некалькіх краін. Частка з іх захавалася толькі ў копіях Літоўскай метрыкі.
“Дакументаў з подпісам Боны менш, чым дакументаў з подпісам Баторыя, – патлумачыў яшчэ адзін спецыяліст, які захаваў ананімнасць па прычыне бяспекі. – Тым больш, гэты дакумент датычыць не нейкага фальварку, ад якога нічога не засталося, а буйнога мястэчка на Гродзеншчыне”. На думку эксперта, лот мае каштоўнасць для Беларусі і асабліва для Гродна, і добра было б, каб ён туды ў выніку трапіў.
Пра што гэты дакумент каралевы Боны
Дакумент выдалі ў Кракаве. Ён датычыцца заснавання і забеспячэння зямлёй касцёла ў мястэчку Лунна, якое тады ўваходзіла ў Гродзенскую эканомію.
Бона Сфорца была непасрэдна звязаная з развіццём Гродна і навакольных каралеўскіх уладанняў. У 1530 годзе яна заснавала Лунну як мястэчка Гродзенскай эканоміі. На будаўніцтва і ўтрыманне касцёла каралева вылучыла тры валокі зямлі з каралеўскіх уладанняў.
Чытайце таксама: Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца
Цікава, што дакумент працягваў выкарыстоўвацца і праз два з паловай стагоддзі пасля яго стварэння. На ім ёсць пазнака XVIII стагоддзя аб прадстаўленні дакумента пробашчам Лунненскага касцёла і ўнясенні яго ў гродзенскія актавыя кнігі ў 1793 годзе.
Стартавая цана – 40 000 злотых (9150 EUR).
Паштоўка Элізы Ажэшкі з Друскенікаў – 2400 злотых
Другі цікавы для гродзенцаў прадмет на гэтым аўкцыёне – паштовая картка, якую 29 ліпеня 1906 года Эліза Ажэшка напісала ў Друскеніках. Туды яна часта выязджала ў апошнія гады жыцця, там яна адпачывала і спрабавала паправіць здароўе, аслабленае хваробай.

Пісьменніца адрасавала яе Аўрэлію Драгашэўскаму – літаратурнаму крытыку, гісторыку літаратуры, публіцысту і бібліяфілу. Ён быў адным з яе найбольш значных карэспандэнтаў. У паведамленні Ажэшка сардэчна дзякуе адрасату за ліст і фотаздымак, а таксама просіць прабачэння за доўгае маўчанне.
На паштоўцы захаваўся яе ўласнаручны скарочаны подпіс – «El. Orzesz.». Картка прайшла пошту, на ёй ёсць пагашаная паштовая марка.
Стартавая цана – 2400 злотых (540 EUR).
Лісты з подпісам Ажэшкі – значна больш часты лот на падобных аўкцыёнах. Яны з’яўляюцца ў продажы рэгулярна і не настолькі рэдкія, як дакументы з подпісамі каранаваных асоб.
Гродна на гравюры з радаводам польскіх каралёў – 2000 злотых
Трэці лот – медзярыт першай чвэрці XVII стагоддзя, на якім паказаны радавод польскіх уладароў – ад легендарных Пястаў да Жыгімонта III Вазы.
Асаблівую цікавасць для гродзенцаў уяўляе ніжняя частка гравюры. Там змешчана панарама Гродна, створаная паводле вядомага малюнка нямецкага гравёра Маціяса Цюндта 1568 года. На пярэднім плане паказаная гістарычная сцэна: канцлер Вялікага Княства Літоўскага Рыгор Валовіч вітае маскоўскае пасольства.

На самой гравюры таксама ёсць партрэты Жыгімонта III Вазы, яго першай жонкі Ганны Аўстрыйскай і іх сына – будучага караля Уладзіслава IV. Кампазіцыю ўпрыгожваюць выявы дзяржаўных гербаў, у тым ліку Арла і Пагоні.
Аўтар гравюры – Крыстаф ван Гейдэн. Яна паходзіць з выдання “Christlicher Potentaten…”, якое выпусціў Антоніа Альбіцы ў Страсбургу ў 1627 годзе. Гравюра размаляваная ўручную. Памеры выявы – 54,5 на 41 сантыметр. Стартавая цана – 2000 злотых (450 EUR).
Калі пройдзе аўкцыён
76-ы аўкцыён антыкварнага дома Lamus пройдзе 5 і 6 снежня 2026 года анлайн на платформе OneBid. Усе тры прадметы ўключаныя ў першую частку таргоў, якая пачнецца 5 снежня ў 10:00.
Пакупнікі павінны будуць даплаціць да канчатковай цаны 10% арганізацыйнага збору.
З 24 лістапада прадметы можна паглядзець у сядзібе антыкварнага дома ў Варшаве па адрасе Sandomierska 23.



